Культ Маці Божай Жыровіцкай у творах айца Ігната Кульчынскага

Спадчына айца Ігната Кульчынскага, якога справядліва лічаць заснавальнікам беларускага гістарычнага краязнаўства, выклікае вялікую цікаўнасць у беларускіх гісторыкаў. Аднак працы І. Кульчынскага, прысвечаныя духоваму жыццю Беларусі да апошніх год заставаліся па-за ўвагай даследчыкаў.
Ігнат Кульчынскі нарадзіўся ў 1694 [4, с. 249] (па іншых звестках – 1707) [3, c. 100] годзе. Няма пэўнасці што да месца яго нараджэння. Па звестках адных гісторыкаў ён паходзіў з Уладзіміра Валынскага [2, c. 471], паводле іншых – з ваколіц Гродна [3, c. 100] . З 1729 па 1735 год айцец Ігнат жыў і навучаўся ў Рыме [1, c. 28], дзе атрымаў тытул доктара тэалогіі. У Вечным Горадзе святар выконваў таксама функцыі генеральнага пракуратара кангрэгацыі базыльянаў і рэктара царквы святых Сергія і Вакха [1, c. 28]. У Рыме ж а.Ігнат Кульчынскі выдаў шэраг твораў, найбольш вядомыя з якіх “Specimen Ecclesiae Ruthenicae…” і “Appendix ad Specimen Ecclesiae Ruthenicae…”

Пасля вяртання ў 1735 годзе ў Вялікае Княства Літоўскае айцец Ігнат Кульчынскі стаў архімандрытам Гродзенскага Барысаглебскага Каложскага манастыра, і займаў гэтую пасаду аж да сваёй смерці ў 1747 годзе. Адначасова святар займаўся даследніцкай дзейнасцю, стварыў “Інвентар Гродзенскага Каложскага базыльянскага манастыра” і “Хроніку ігуменаў, архімандрытаў, царкоўных старастаў і заступнікаў Гродзенскага Каложскага манастыра”. Вывучаў іншыя беларускія старажытнасці: Жыровіцкі Свята-Успенскі мужчынскі манастыр, крыж Еўфрасінні Полацкай.

Прысутнасць гісторыка і царкоўнага дзеяча ў Рыме супала з узрастаннем культу Маці Божай Жаровіцкай. У жніўні 1718 года ў рымскай царкве святых Сергія і Вакха падчас рамонту пад тынкам на адной са сцен выпадкова быў выяўлены абраз Маці Божай, які ідэнтыфікаваны як копія іконы Маці Божай Жыровіцкай. Сярод рымскага люду абраз стаўся вельмі папулярным пад назвай Madonna del Pascolo. Напэўна цудоўная знаходка копіі і рост яе папулярнасці паспрыялі паскарэнню каранацыі самой Жыровіцкай іконы, якая адбылася 19 (8) верасня 1730 года, у той час, калі І. Кульчынскі знаходзіўся ў Рыме. Аднак святар разам з мітрапалітам Атаназіем Шаптыцкім прымаў удзел у каранацыі рымскай копіі іконы ў тым самым годзе [5, c.119].

Развіццё культу Маці Божай Жыровіцкай стала адным з асноўных накірункаў дзейнасці І. Кульчынскага. Першай яго працай на гэтую тэму стаў пераклад з італьянскай на польскую мову працы каноніка Ізідара Нардзі “Relacja historyczna o zjawieniu Cudownego Obrazu Najświetszej Panny Żyrowickiej, nazwanego po włosku DEL PASCOLO…”. Пераклад быў выдадзены ў Супраслі ў 1728 годзе [5, c.118]. Наступныя творы -“Il Diaspro prodigioso di tre colori ovvero narrazione istorica delle tre imagini miracolose della B. V. Maria: la prima di Zirovice in Litvana, la seconda, del Pascolo in Roma, e la terca copia della seconda parimente in Zirovice detta de quei Polpoli Romana…” (“Цудатворная трохкаляровая яшма, або гістарычны аповед пра тры цудатворныя абразы Дзевы Марыі: першы ў Жыровічах на Літве, другі – Паскола ў Рыме, і трэці – гэта копія другога, падораная рымлянамі ў Жыровічы”) і “Signum magnum… Regina Maria Virgo, in thaumaturgo icone Zyroviesi… coronata…” (“Вялікі знак… Валадаркі Дзевы Марыі, у цудатворнай іконе Жыровіцкай… каранаванай…”) і “Oratio de beatissimae Virginis Mariae imagine Zyroviensi miraculis” (“Малітва да найсвяцейшай Дзевы Марыі ў цудатворным Жыровіцкім абразе…”) – выйшлі амаль адначасова – у 1732 годзе.

Праца “Signum magnum…” невялікая па памерах і напісаная на лацінскай мове. Яна прысвечана каранацыі іконы, якая адбылася ў Рыме з удзелам мітрапаліта Атаназія Шаптыцкага і самога айца Ігната Кульчынскага. Твор напісаны ва ўзнёслай форме ўсхвалення цудадзейнага абраза. Гэтай падзеі прысвечаная яшчэ адна праца гісторыка: “Oratio de Beatissimae Virginis Mariae imagine Zyrovicensi…” Яна перадае тэкст прамовы, якая прагучала ў Рыме падчас каранацыі іконы [6, c. 31].

Найбольшае значэнне сярод твораў айца Ігната Кульчынскага мае напісаная па-італьянску праца “Il Diaspro prodigioso…”. Сама мова гэтага твору раскрывае мэту яго стварэння. Праца была адрасавана італійскім вернікам і ставіла за мэту пашырэнне культу Жыровіцкай іконы сярод католікаў Рыма і  ўсёй Італіі. “Il Diaspro prodigioso…” складаецца з трох частак: першая – “Стварэнне і шанаванне Жыровіцкай Мадонны”; другая – “Некаторыя звесткі пра царкву Сергія і Вакха, яе жыццё, а таксама пра блаславёнага Язафата”; трэцяя – “Гістарычны аповед пра Дзеву Марыю Паскола ў Рыме і зробленую з яе цудатворную копію, якая потым з’явілася ў Жыровічах”; чацвёртая – “Аповед пра каранацыю Жыровіцкай Мадонны”. Каштоўнасць выдання для сучасных даследчыкаў яшчэ і ў тым, што яно ўтрымлівае медзярыт Жыровіцкага абраза – малавядомы сучасным даследчыкам іканаграфічны спіс [6, c. 31].

Асаблівай ўвагі заслугоўвае гісторыя рымскай копіі Жыровіцкай іконы, якую апісвае айцец І. Кульчынскі. Як адзначае сам даследчык, гісторыю іконы ён даведаўся ад езуіта К. Кароччы, вядомага ў Рыме распаўсюдніка культу цудатворных абразоў Маці Божай [7, c. 42]. Рымская ікона Жыровіцкай Божай Маці была знойдзена ў гаспіцыі, які прылягаў да царквы св. Сергія і Вакха, на пачатку жніўня 1718 года. У гэты час паводле загаду генеральнага пракуратара распачаўся рэмонт памяшкання, і майстар, які ачышчаў мур ад старой вапны, нечакана ўбачыў фрагмент абраза. Прыйшоўшы на наступны дзень, майстар убачыў, што адвалілася яшчэ некалькі кавалкаў вапны, і адкрыўся прыгожы абраз Маці Божае з Дзіцяткам. У гэтай выяве рэктар царквы пазнаў  копію Жыровіцкай іконы. І. Кульчынскі піша, што невядома, хто намаляваў гэтую копію, хто яе схаваў і як доўга яна была схаваная. Аднак рымская копія, хоць і большая за арыгінал, ва ўсім падобная да яго [7, c. 43].

У кнізе “Il Diaspro prodigioso…” святар пераказвае гісторыю развіцця культу іконы ў Рыме напрацягу 1718-1719 гадоў. Шанаванне беларускай святыні італійскімі вернікамі, сярод якіх былі і простыя сяляне, і шляхта, паспрыяла пераносу іконы з гаспіцыя да царквы. Сам І.Кульчынскі спрычыніўся да развіцця культу абраза, падрыхтаваўшы для яго ў час паміж 13 верасня і 29 кастрычніка новую капліцу, адкрытую мітрапалітам Фларыянам Грабніцкім [7, c. 45].

Падсумоўваючы, можна сказаць, што а. Ігнат Кульчынскі пакінуў  па сабе невялікую, але надзвычай важную спадчыну. Як адзначаюць некаторыя даследчыкі, менавіта І. Кульчынскі сваімі публікацыямі і дзейнасцю ў значнай ступені паспрыяў шанаванню беларускага цудатворнага вобраза на Захадзе [5, c.119]. Культ Жыровіцкай іконы Божай Маці стаўся для вучонага манаха памостам паміж Уніяцкай Царквой Вялікага Княства Літоўскага і Каталіцкай Царквой Заходняй Еўропы. Маці Божая Жыровіцкая яднала беларускіх вернікаў і сялянаў з ваколіц Рыму. І таму айцец Ігнат Кульчынскі праз свае творы імкнуўся як наблізіць беларускім вернікам культ рымскай іконы, так і заходнім вернікам – шанаванне Маці Божай Жыровіцкай.

Айцец Андрэй Крот,
грэка-каталіцкая парафія Маці Божае Фацімскай г.Гродна

Пакінуць каментарый

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *