Гарадзеншчына шматканфесійная. Дзейнасць грэка-каталіцкай парафіі ў Гродна на сучасным этапе

15 сакавіка 1990 года а. Аляксандр Надсан наведаў Гародню ды адслужыў тут першую пасля скасавання ў 1839 годзе Берасцейскай Уніі публічную грэка-каталіцкую літургію. Набажэнства адбылося ў касцёле Маці Божай Анельскай (францішканскім касцёле). Да чарговай гадавіны гэтай важнай у адраджэнні Грэка-Каталіцкай Царквы на Гарадзеншчыне даты прапануем рэферат нашай парафіянкі, вучаніцы 11 класа Дамінікі Дзерангоўскай, які яна прадставіла на ІХ адкрытай абласной краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі “Край Гарадзенскі”.

Уводзіны

Паводле дадзеных афіцыйнага парталу Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэту, у вобласці ажыццяўляюць рэлігійную дзейнасць 499 рэлігійных арганізацый 17  канфесій.
Дзейнічае 471 рэлігійная абшчына (194 праваслаўных, 176 каталіцкіх, 2 грэка-каталіцкія, 8 мусульманскіх, 4 іўдзейскія, 85 пратэстанцкіх, 1 Свядомасць Крышны), размешчана 487 культавых будынкаў [7].
Грэка-каталіцкая царква пачала сваё адраджэнне ў Беларусі ў канцы 80-х – пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя. Новае жыццё забароненай паўтара стагоддзя таму царквы было звязанае з ростам нацыянальнай свядомасці беларусаў, набыццём незалежнасці нашай краіны. Грэка-каталіцтва ўспрымалася як “беларуская вера”, у адрозненне ад праваслаўнай царквы, якую лічылі рускай, і рыма-каталіцкага касцёла, што традыцыйна быў звязаны з польскай культурай [3, с.310]. На хвалі нацыянальнага адраджэння пачатку 1990-х гадоў у Беларусі ўзніклі першыя грэка-каталіцкія суполкі, якія потым сталіся парафіямі.

Аднак, нягледзячы на больш як 30 год, якія мінулі з моманту першага публічнага грэка-каталіцкая набажэнства ў сучаснай Беларусі, да гэтай пары няма грунтоўных даследаванняў працэсу адраджэння і дзейнасці як усёй царквы, так і асобных парафій. Гэта датычыць і гродзенскай грэка-каталіцкай парафіі. Адной са спробаў такога даследавання быў артыкул студэнта гістарычнага факультэта Гродзенская дзяржаўнага універсітэта імя Янкі Купалы Зміцера Чарнеля (сёння – грэка-каталіцкага святара) “Адраджэнне грэка-каталіцкай царквы ў Гродне ў 1990-я – 2003 годзе” [4], а таксама артыкул айца Андрэя Крата, які з’яўляецца настаяцелем парафіі Маці Божай Фацімскай у Гродна [3].

Такім чынам, мэтай маёй працы з’яўляецца вывучэнне дзейнасці грэка-каталіцкай парафіі ў Гродна на сучасным этапе. На шляху да дасягнення мэты, былі запланаваныя наступныя задачы:

  • пазнаёміцца з пачаткамі дзейнасці грэка-каталіцкай царквы ў Гродна ў навейшай гісторыі Беларусі;
  • прааналізаваць уклад духавенства ў развіццё грэка-каталіцкай царквы ў Гродна;
  • паказаць розныя аспекты дзейнасці царквы ў Гродна.

Галоўнай цяжкасцю падчас працы над абранай тэмай стала недастатковая колькасць матэрыялаў і дакументаў, якія б дазволілі выканаць мэты і задачы працы ў поўным аб’ёме. Пры напісанні працы я выкарыстоўвала Інтэрнэт-рэсурсы, а таксама інфармацыю, атрыманую падчас размоў з настаяцелем парафіі ў Гродна Андрэем Кратом і некаторымі парафіянамі – непасрэднымі ўдзельнікамі падзей.

Дзякуючы вывучэнню і даследванню пералічанных вышэй крыніц, мне ўдалося прасачыць дзейнасць грэка-каталіцкай царквы ў Гродна ў канцы XX – пач. XXI  ст.ст.

І. Беларуская грэка-каталіцкая царква

Беларуская грэка-каталіцкая царква – адна з усходніх каталіцкіх цэркваў, якая прытрымліваецца грэцкага (візантыйскага) абраду, знаходзіцца ў поўнай еднасці з Рымскім апостальскім пасадам ды прызнае ўладу і духоўны аўтарытэт рымскага архірэя [6].

Уніяцтва  – гэта хрысціянская плынь, заснаваная на царкоўнай уніі розных хрысціянскіх цэркваў з рыма-каталіцкай на ўмовах прызнання вяршэнства Папы Рымскага і каталіцкай дагматыкі пры захаванні традыцыяў рэлігійнага культу і выкарыстання традыцыйнай сакральнай ці народнай мовы ў набажэнстве. Сёння ў Еўропе існуе чатырнаццаць такіх цэркваў.

У Рэчы Паспалітай уніяцтва як масавая з’ява сфармавалася пасля заключэння Берасцейскай царкоўнай уніі ў 1596 годзе, якую прынялі найперш епархіі на землях сучаснай Беларусі. Тыя епархіі Кіеўскай мітраполіі, што з’ядналася з Рымам, не з’яўляліся новаўтворанымі царкоўна-адміністрацыйнымі структурамі, а былі прызнанымі дзяржавай правапераемнікамі ўсёй рэлігійна-культурнай спадчыны епархіяў, створаных яшчэ да падзелу хрысціянства.

ІІ. Дзейнасць грэка-каталіцкай царквы ў Гродна

  1. Першае публічнае набажэнства ў Гродна

Першае ў сучаснай гісторыі Беларусі публічнае грэка-каталіцкае набажэнства ў Гродна адбылося ў сакавіку 1990 года. Яго адслужыў апостальскі візітатар для беларусаў-католікаў замежжа айцец Аляксандр Надсан, які жыў у Лондане [3, с. 311]. На пачатку 1990 года ён прывёз у Беларусь гуманітарную дапамогу дзецям, якія пацярпелі ад чарнобыльскай катастрофы. 11 сакавіка айцец Аляксандр адслужыў літургію ў Мінску (у Кальварыйскім касцёле), а затым прыехаў у Гродна. На жаль, не ўдалося пакуль высветліць дакладную дату гэтай падзеі, верагодна, яна адбылася паміж 12 і 17 сакавіка. Служба адбывалася ў францішканскім касцёле Маці Божай Анёльскай увечары.

У адраджэнні грэка-каталіцкай царквы ў Беларусі, а менавіта ў Гродна важную ролю адыграў  айцец Віктар Данілаў.

Айцец Віктар Данілаў (дадатак 9) нарадзіўся ў Яраслаўлі ў 1927 годзе. У 1948 годзе ён быў арыштаваны і правёў сем з паловай гадоў у сталінскіх лагерах. Тут ён прыйшоў да Бога, і, з усіх хрысціянскіх веравызнанняў, абраў каталіцтва. Выйшаўшы на волю, ён ажаніўся. Пачынаючы з 1967 года Віктар Данілаў жыў у Гродна і самастойна займаўся місіянерскай дзейнасцю. У 1970-я гады яму ўдалося скончыць грэка-каталіцкую семінарыю. У чэрвені 1976 года быў рукапакладзены  ў сан святара.

У пачатку 1990-х гадоў, паводле ўспамінаў гродзенскіх парафіянаў, айцец Віктар чытаў у памяшканні клуба «Паходня» лекцыі на рэлігійныя тэмы для ўсіх ахвотных. Акрамя таго, група моладзі сустракалася з айцом Віктарам у яго на кватэры, дзе святар праводзіў з імі катэхетычныя заняткі: тлумачыў ім сутнасць хрысціянства, неабходнасць веры ў Бога і прыналежнасці да царквы.

  1. Месца набажэнстваў

Першапачаткова парафія не мела ўласнага памяшкання. Набажэнствы адбываліся ў розных месцах. Зміцер Чарнель называе некаторыя з іх: «У розны час гродзенскія грэка-католікі знаходзілі сабе прытулак у Гарадскім доме культуры, у памяшканні ўправы Беларускага народнага фронта “Адраджэнне” на вуліцы Савецкай, у галерэі “У майстра” на вуліцы Кірава» [4, с.50]. Акрамя гэтага, парафіяне ўзгадваюць іншыя месцы: памяшканне ў доме №4 па праспекце Касманаўтаў, дзе знаходзіцца адзін з філіялаў гарадской бібліятэкі, актавая зала ў музеі гісторыі рэлігіі па вуліцы Замкавай, 16.

Амаль год набажэнствы праходзілі ў Музеі гісторыі рэлігіі, які на той час знаходзіўся на вуліцы Навазамкавай, 3 (сёння – вуліца Давыда Гарадзенскага). Гэты будынак пачаў узводзіцца на сродкі мітрапаліта уніяцкай Царквы Льва Кішкі ў 1720 годзе як грэка-каталіцкі жаночы манастыр сясцёр-базыльянак. Пасля ліквідацыі уніяцкай царквы ў Расійскай імперыі (у 1839 годзе на Полацкім царкоўным саборы) будынкі манастыра ў 1843 годзе былі перададзеныя Расійскай праваслаўнай царкве. Праваслаўны манастыр праіснаваў у гэтым будынку да 1960 года, а з 1977 года комплекс манастыра належаў Гродзенскаму музею гісторыі рэлігіі.

Грэка-каталіцкая парафія бачыла будынак былога манастыра базыльянак у якасці сваёй святыні і дамагалася яго перадачы грэка-католікам. Аднак у рашэнні № 196 ад 17 ліпеня 1991 года выканкам Гродзенскага гарадскога Савету народных дэпутатаў вырашыў: «З мэтай пазбягання міжканфесійных сутыкненняў і захавання музея гісторыі рэлігіі як цэнтра нацыянальнай культуры, лічыць немэтазгоднай поўную ці частковую перадачу манастырскага комплекса якой-небудзь з царкваў»[1].

21 лютага 1997 года парафія набыла будынак мастацкіх майстэрняў па вуліцы Гараднічанскай, 32а. Памяшканне не мела вадаправоду, каналізацыі, ацяплялася пры дапамозе каміну. Планавалася, што на свабодным участку побач з гэтым будынкам будзе ўзведзены парафіяльны цэнтр з капліцай і іншымі памяшканнямі. Аднак  праз недахоп сродкаў і арганізацыйныя складанасці, гэтыя планы не былі рэалізаваны.

У 2002 годзе парафія звярнулася ў Гродзенскі гарвыканкам з просьбай выдзеліць участак для будаўніцтва ў Гродна грэка-каталіцкай царквы. У адказе за подпісам намесніка старшыні гарвыканкаму гаварылася наступнае: «Грэка-каталіцкай рэлігійнай абшчыне г. Гродна належыць будынак па вуліцы Гараднічанскай 32а, якое находзіцца ў запушчаным стане, патрабуе ўнутранага рэмонта і рэканструкцыі фасадаў, а таксама ўпарадкавання прылягаючай тэрыторыі. Прапануем Вам комплекс прац па рамонту будынка па вуліцы Гараднічанская, 32а з добраўпрадкаваннем прылягаючай тэрыторыі. Гэтае памяшканне магло быць выкарыстана абшчынай для правядзення набажэнстваў» [1].  Атрымаўшы гэты дакумент, парафія звярнулася ў адпаведныя арганізацыі з мэтай падрыхтоўкі будаўнічага праекту на рэканструкцыю будынку.

Пакуль рабілася праектна-каштарысная дакументацыя для рэканструкцыі будынку, набажэнствы да красавіка 2009 году адбываліся на вуліцы Гараднічанскай, 32а. З красавіка 2009 па ліпень 2013 года набажэнствы праходзілі ў часовай капліцы рыма-каталіцкай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля па вуліцы Курчатава, 41, пакуль грэка-католікі не вярнуліся ў свой рэканструяваны будынак. Аднак, праз адсутнасць неабходных дакументаў на здачу будынку і дазволу на правядзенне набажэнстваў, грэка-католікі са снежня 2014 года вымушаныя былі маліцца ў катэдральным касцёле святога Францішка Ксаверыя пры алтары святога Язафата. З 1 верасня 2015 года набажэнствы зноў адбываюцца на вуліцы Гараднічанскай, 32а (дадаткі 1, 2).

  1. Рэгістрацыя парафіі

Дзяржаўнай рэгістрацыі парафіі ад моманту яе стварэння і звароту ў адпаведныя структуры давялося чакаць больш за год. Зміцер Чарнель піша, што, напрыканцы лета 1992 года ў Гарадскім доме культуры па в. Дзяржынскага, 1 адбыўся ўстаноўчы сход гродзенскай грэка-каталіцкай парафіі, пасля якога былі пададзеныя дакументы на рэгістрацыю рэлігійнай абшчыны [4, с.51]. У лісце да Старшыні Савету Міністраў Рэспублікі Беларусь Кебіча В. Ф. адносна перадачы грэка-католікам будынкаў манастыра Раства Багародзіцы тагачасны старшыня парафіяльнай Рады Ю.Мацко піша: «Рашэннем горадзенскага аблвыканкама №240/33 ад 12 кастрычніка 1992 года (заява вернікаў ад 14 красавіка 1991 года) зарэгістравана грэка-каталіцкая (вуніяцкая) суполка г. Горадні» [3, с. 313]. Зарэгістраваная яна была па прыватным адрасе па вуліцы Ажэшкі 40, кв. 2, на кватэры Ю. Мацко.

Такім чынам, дата афіцыйнай рэгістрацыі парафіі – 12 кастрычніка 1992 года. Гэты дзень гродзенскія грэка-каталікі святкуюць як дзень нараджэння парафіі.

  1. Святы апякун

Першапачаткова парафія ня мела святога апекуна. У маі 1995 года айцец Віктар Данілаў разам з дэлегацыяй каталіцкага духавенства Беларусі здзейсніў пілігрымку ў партугальскі горад Фаціма. Там у 1917 годзе Маці Божая з’явілася тром дзецям-пастушкам. Неўзабаве пасля гэтай пілігрымкі вернікі абралі Маці Божую Фацімскую  нябеснай заступніцай сваёй парафіі (дадаткі 5, 6). Паколькі Багародзіца з’яўлялася пастушкам у Фаціме з 13 мая па 13 кастрычніка, то звычайна свята Маці Божай Фацімскай святкуецца альбо 13 мая, альбо 13 кастрычніка.

  1. Святары

Першым настаяцелем парафіі быў айцец Віктар Данілаў (дадатак 9). Ён выконваў гэтае служэнне да лістапада 2005 года, калі сышоў на пакой і пераехаў у Яраслаўль пад апеку сям’і.

З красавіка 2006 года душпастырам парафіі з’яўляецца айцец Андрэй Крот (дадатак 10). Ён паходзіць з мястэчка Івацэвічы Брэсцкай вобласці. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага універсітэта ў Мінску. У 2004 годзе скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю ў Драгічыне (Польшча), быў высвячаны на святара ў ліпені 2005 года і некалькі месяцаў служыў у Пінску.

З парафіі паходзяць два грэка-каталіцкія святары, якія працуюць у Беларусі. Гродзенец айцец Аляксандр Шаўцоў вучыўся ў семінарыях Польшчы і Украіны і атрымаў святарскія свячанні ў 2006 годзе. Цяпер служыць у полацкай грэка-каталіцкай парафіі святога Язафата. Айцец Зміцер Чарнель паходзіць з Дзятлаўскага раёну. У 2000 – 2005 гадах ён вучыўся на гістарычным факультэце Гродзенскага дзяржаўнага універсітэту імя Янкі Купалы. Пасля сканчэння навучання ён распачаў навіцыят у львоўскім манастыры Чыну Найсвяцейшага Адкупіцеля (рэдэмптарыстаў). Вучыўся ў Львоўскай грэка-каталіцкай духоўнай семінарыі. Высвячаны на святара 25 лістапада 2012 года, сёння працуе ў Мінскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі.

  1. Пілігрымкі

Важнае значэнне для рэлігійнага выхавання вернікаў і фармавання парафіяльнай супольнасці сталі пілігрымкі і паездкі па рэлігійных месцах Беларусі і замежжа.

Напрыканцы 1995 –  пачатку 1996 года група вернікаў здзейсніла пілігрымку ў польскі горад Уроцлаў на Еўрапейскую сустрэчу моладзі, арганізаваную супольнасцю з французскага мястэчка Тэзэ. Супольнасьць Тэзэ аб’ядноўвае хрысьціянаў розных веравызнанняў і ладзіць штогод шматтысячныя сустрэчы ў еўрапейскіх гарадах, на якіх маладыя хрысціяне разам моляцца, разважаюць над словамі Святога Пісання.

У 1996 годзе з нагоды 400-годдзя Берасцейскай уніі гродзенскія грэка-католікі арганізавалі дзьве аўтобусныя пілігрымкі. Улетку яны наведалі польскую вёску Кастамлоты (недалёка ад беларуска-польскай мяжы). У гэтай вёсцы ўніяцкая парафія была адроджаная ў 20-я гады XX стагоддзя і захавала жывую традыцыю цягам дзесяцігоддзяў. У лістападзе гродзенцы наведалі Брэст і прынялі ўдзел у святкаваньні 400-годдзя Берасцейскай уніі, якое ўзначаліў грэка-каталіцкі мітрапаліт Перамышальскі Ян Мартыняк з Польшчы.

З 1999 года гродзенскія парафіяне ўдзельнічаюць у агульнабеларускай грэка-каталіцкай пешай пілігрымцы з Віцебску ў Полацк. Гэтая пілігрымка з 1995 года адбываецца штогод у ліпені, каб ушанаваць памяць Полацкіх мучанікаў –  пяці манахаў-базыльянаў, якія былі  забіты у Сафійскім саборы ў 1705 годзе падчас Паўночнай вайны.

У 1999 годзе вернікі гродзенскай парафіі ўдзельнічалі ў сустрэчы з Папам Янам Паўлам ІІ у польскім горадзе Седльцы. Ікону Пратулінскіх мучанікаў ад імя грэка-каталікоў Беларусі ўручыў Яну Паўлу ІІ вернік гродзенскай парафіі Андрэй Мацко.

Удзельнічалі гродзенскія грэка-католікі і ў сустрэчы з Янам Паўлам ІІ падчас яго візіту ва Украіну ў 2001 годзе. Гродзенцы разам з брэсцскімі грэка-католікамі маліліся на літургіі ў Львове, якую Папа саслужыў разам з украінскімі біскупамі.

Кожны год у чэрвені гродзенскія грэка-католікі здзяйсняюць пілігрымку ў памяць блаславёнай Марыяны Бярнацкай і усіх беларускіх святых на форт каля вёскі Навумавічы Гродзенскага раёна.

 Заключэнне

Праца над вывучэннем дзейнасці грэка-каталіцкай царквы ў Гродна  закончана. На мой погляд, вызначаныя мэты і задачы, выкананыя. Паспрабую абагульніць і вызначыць галоўнае, апісанае ў асноўнай часцы.

Гродзенская грэка-каталіцкая парафія Маці Божае Фацімскай прайшла доўгі і складаны шлях адраджэння. Пэўны час яна ня мела ўласнага месца для набажэнстваў, аднак, нягледзячы на ўсе праблемы, працягвала існаваць і развівацца. Прыкладам для вернікаў і новых святароў, якія паходзілі з гродзенскай парафіі, стаў першы настаяцель, айцец Віктар Данілаў. Пілігрымкі ўмацоўвалі парафіяльную супольнасць і спрыялі знаёмству гродзенскіх грэка-каталікоў з вернікамі іншых гарадоў Беларусі і замежжа.

Сёння гродзенская грэка-каталіцкая парафія Маці Божае Фацімскай з’яўляецца невялікай, але дынамічнай рэлігійнай супольнасцю і важнай часткай канфесійнага аблічча гораду.

Фотаздымкі парафіі Маці Божае Фацімскай

 

 

Спіс выкарыстаных крыніц

  1. Дакумент з архіву Грэка-каталіцкай парафіі Маці Божае Фацімскай у г. Гродна ад 17.07.1991 г.
  2. Дакумент з архіву Грэка-каталіцкай парафіі Маці Божае Фацімскай у г. Гродна ад 14.04.1991 г.
  3. Крот, А. А. Адраджэнне грэка-каталіцкай парафіі ў Гародні //Зборнік матэрыялаў Міжнароднай канферэнцыі ў межах праекту «Гарадзенскі соцыум. Горад і яго жыхары: партрэт на фоне эпохі. Х-ХХ стст.», 7-8 лістапада 2015 г. С. 310 – 318.
  4. Чарнель, З.М. Адраджэнне грэка-каталіцкай царквы ў Гродне ў 1990-2003 / / Студэнцкая навука. Абласная канферэнцыя студэнтаў і аспірантаў «Гродна — 875». С. 50 – 51.
  5. https://facimskaja.by/gistoryya (дата звароту 01.02.2022).
  6. https://grodno-region.by/by/relig_bel-by/ (дата звароту 25.01.2022).
  7. http://www.redemptor.by/redemptorysci/kosciol-greckokatolicki (дата звароту 28.01.2022).

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

Пакінуць каментарый

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *