МАЛІТВЫ

 

Ойча наш

Малітва Імю Ісусаваму

Багародзіца Дзева, радуйся!

Малітва за беларускі народ

Малітвы за сьвятароў

Малітва за бацькоў

Малітва за хворага

Малітва аб блаславеньні

Малітва да анёла апекуна

Малітвы за жывых

Малітвы за памерлых

 

 

 

Ойча наш

Ойча наш, каторы ёсьць у небе, сьвяціся імя Тваё, прыйдзі валадарства Тваё, будзь воля Твая, як на небе, так і на зямлі. Хлеба нашага штодзённага дай нам сёньня, і адпусьці нам грахі нашы, як і мы адпускаем вінаватым нашым; і ня ўводзь нас у спакусу, але збаў нас ад злога.

Малітва Імю Ісусаваму

Госпадзе Ўладару Ісусе Хрысьце, Творча і Божа наш, мы клічам імя сьвятое Тваё і молімся Табе: Ісусе, Сыне ўсячыстае Дзевы Марыі; Ісусе, адзінае і спрадвечнае Слова Бога Айца; Ісусе, супольнасьць і любоў Духа Сьвятога; Ісусе, творча анельскай прыроды; Ісусе, Збавіцелю роду людзкога; Ісусе, праганіцелю бесаўства ўсякага: Ісусе, зьмілуйся нада мною ў вялікай міласэрнасьці Тваёй; Ісусе, ачысьці беззаконьне маё ў бязьмежнай дабраце Тваёй; Ісусе, адпусьці грахі мае; Ісусе, прымі гэтыя малітвы мае: О, салодкі Ісусе! О, любы Ісусе! О, ціхі Ісусе! Табе славу аддаем разам з Айцом і Ўсесьвятым Духам на вякі вякоў. Амін.

Багародзіца Дзева, радуйся!

Багародзіца Дзева, радуйся, поўная ласкі Марыя, Госпад з табою, блаславёная ты між жанчын і блаславёны плод улоньня Твайго, бо Ты нарадзіла Збавіцеля душ нашых.

Дастойна ёсьць сапраўды называць шчасліваю Цябе, Багародзіцу, вечна блаславёную і беззаганную Маці Бога нашага. Больш годную пашаны за хэрувімаў і без параўнаньня больш слаўную за сэрафімаў, што захаваўшы дзявоцтва, радзіла Бога-Слова, існую Багародзіцу, цябе мы ўзвялічваем.

Пад Тваю міласэрнасьць прыбягаем, Багародзіца Дзева, маленьняў нашых у час суму не адкінь, але ад бедаў вызваль нас, адзіная чыстая, адзіная блаславёная.

Малітва за беларускі народГоспадзе, Ісусе Хрысьце, Божа наш!
Дай нам горача маліцца за нашу краіну там, дзе мы ёсць: на вуліцы, у цэрквах, на працы і ў дамах!
Барані нас, Божа, ад хлусні і крыўды, дай нам духа еднасьці, моцы і любові!
Мы, слугі Твае, сёння аддаем Табе славу, падзяку і пакланенне і просім Цябе глянуць ласкава на ўсіх верных сыноў і дачок беларускага народу, якія нявінна церпяць пераслед, здзекі, знявагі, зняволенне і выгнанне за тое, што любяць свой народ і жадаюць яму лепшай долі і пашаны ягонай годнасці.
Дай, каб іхнія цярпенні і ахвяры не былі дарэмнымі, але, як тое зерне, што ўпала ў зямлю, прынеслі багаты плён справядлівага міру, свабоды і шчаслівай будучыні для беларускага народу і ўсяго свету.
Ойча наш Нябесны, беражы нашу краіну ад зла, беззаконня, войнаў і хвароб.
Верым у Тваё Валадарства і просім аб спаўненні Тваёй Святой волі на нашай любай Беларусі!
Бо Ты, Божа наш, Той, хто мілуе і збаўляе, і мы Табе славу аддаем, Айцу, і Сыну, і Святому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Малітвы за сьвятароў

Госпадзе Ісусе Хрысьце, Пастыру ўсіх верных, пакорна малю Цябе, глянь ласкава на Сьвятога Айцы (імя), Папу Рымскага. Блаславі ягоныя высілкі і споўні ўсе ягоныя жаданьні для дабра Тваёй Царквы. Дай яму сілу і здароўе, каб у супакоі ён мог кіраваць даручаным яму статкам і весьці яго да нябеснага валадарства. Амін.

Успомні, Госпадзе, нашага біскупа (імя), і ўсіх біскупаў, і пашлі ім Тваё блаславеньне, каб сваім навучаньнем і прыкладам яны маглі накіроўваць нас да Цябе. Амін.

Блаславі, Госпадзе, нашага сьвятара, айца (імя), і ўсіх сьвятароў, і захавай іх у бяспецы. Дай ім дух разважнасьці, пакоры, цярплівасьці і вытрываласьці ў працы на Тваю славу і для збаўленьня душаў, якія Ты выбавіў Тваёй пачэснай крывёю. Запалі ў іхніх сэрцах сьвяты агонь, які гарэў у сэрцах Тваіх апосталаў, каб яны заўсёды ўва ўсім шукалі Тваёй хвалы і заахвочвалі нас усё больш любіць Цябе. Хай іхняя жыццё будзе сьвятым, згодна з праўдай, якую яны прапаведуюць. Хай яны будуць сьвятарамі паводле Твайго сэрца, і хай сьвятло іхняе сьвеціць усім, каб людзі, бачачы іхнія добрыя ўчынкі, уславілі Айца нашага нябеснага. Амін.

Малітва за бацькоў

Усядобры Госпадзе Божа, ты загадаў нам шанаваць бацьку і маці і ў Тваім жыцьці на зямлі даў усім прыклад паслушэнства. Прашу Цябе пакорна: пачуй маю просьбу і будзь спагадлівым да маіх бацькоў. Ахоўвай іх ад усялскай нягоды, небясьпекі, хваробы. Дай ім здароўе і пашлі ім багацьце Тваёй ласкі. Зьмілуйся над імі ў вялікай міласэрнасьці Тваёй, каб яны верна служылі Табе, а праз іх і я аказаўся годным славіць Цябе і служыць Табе. Амін.

Малітва за хворага

Ойча сьвяты, Лекару душаў і целаў, Ты паслаў Твайго адзінароднага Сына, Госпада нашага Ісуса Хрыста, для аздараўленьня кожнай хворасьці і вызваленьня ад сьмерці. Ацалі слугу Твайго (Тваю) … ад усіх душэўных і цялесных немачаў, якія апанаваіл яго (яе). Верні яму (ёй) здароўе, ласкаю Хрыста Твайго, малітвамі Найсьвяцейшай Уладаркі нашай Багародзіцы і Заўсёды Дзевы Марыі, і ўсіх сьвятых. бо Ты Бог наш, крыніца збаўленьня, і мы Табе славу аддаем разам з адзінародным Сынам Тваім і з усесьвятым, добрым і жыватворчым Тваім Духам, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Малітва аб блаславеньні

Госпадзе Сьвяты, што жывеш на вышынях і ўсябачным вокам пазіраеш на ўсякае стварэньне, вось мы схіляем перад Табою галовы і молімся Табе, Сьвяты Сьвятых, працягні Тваю нябачную руку са сьвятога Твайго нябеснага пасаду і блаславі ўсіх нас. І калі мы ў чым зграшылі сьвядома ці несьвядома, ты, як добры і чалавекалюбны Бог, прабач нам, і дай нам Твае зямныя і нябесныя багацьці. Бо Ты, Божа наш, Той, хто мілуе і збаўляе нас, і мы Табе славу аддаем, Айцу і Сыну, і Сьвятому Духу, цяпер і заўсёды, і на вякі вякоў. Амін.

Малітва да анёла апекуна

Спрадвечны Божа ўсемагутны, Ты стварыў духі пасланцамі сваімі, і слугамі сваімі полымя агоню, і даў ім месца на вышыні, каб заўсёды бачылі Твой твар. Будучы Духам, Ты хацеў ад духаў мець пахвалу; Будучы Любоўю, Ты хацеў адчуць любоў ад іншых істотаў. Але шатан непакорлівы не захацеў аддаць пашану Табе, Тварцу свайму; загарэўшыся гордасьцю – ён і тыя, што да яго далучыліся, – ён зажадаў мець свой пасад паўночны. Яго бачыў Ты, Хрысьце, як ён, быццам маланка, з неба зьляцеў. Пасьля Ты стварыў жывёлы цялесныя неразумныя на зямлі, у моры і ў паветры, каб магла быць пазнаная Твая бязьмежная мудрасьць і невыказная дабрата. У канцы Ты стварыў чалавека на свой вобраз і падабенства, каб заняў месца шатана, які адпаў: душою падобнага да анёлаў, а целам да жывёлаў. Ты ўчыніў яго мала меншым за анёлаў, славаю і пашанаю вянчаў. Ты даў яму ўладу над усімі зьвярамі, рыбамі і птушкамі, і да гэтага анёлам сваім загадаў, каб заўжды сьцераглі яго, як Ты сам гаварыў Майсею слузе Твайму: “Вось Я пасылаю анёла майго, ён пойдзе перад Табою, будзе ахоўваць цябе ў дарозе, і давядзе да месца, якое Я прыгатаваў табе; трымайся яго і слухай ягонага голасу, не пагардзі ім: не адпусьціцца табе, калі зграшыш, бо імя Маё у ім”. Госпадзе Ўладару і Творча ўсякага стварэньня, дзеля такіх вялікіх і невыказных дабротаў, якія Ты ўчыніў роду людзкому, недастойныя малітвы нашы прымі, і як Ты сам загадаў мець у пашане анёла свайго, успамажы нас вялікай ласкаю Тваёю, каб нам ані словам, ані ўчынкам, ані думкаю не супраціўляцца сьвятой волі Тваёй і ахоўніку душ нашых і целаў; адпусьці нам грахі нашы, дай жаль сардэчны за беззаконьні нашы; бо анёлы Твае цешацца вельмі дзеля аднаго грэшніка, які пакаяўся. Цябе ж, сьветлы анёле, апекуне мой, прашу: прымі ад мяне гэтую малітву, захавай і навучы мяне, і папраў ва ўсіх учынках маіх. Бо ты, што сьцеражэш душу маю і цела, заўсёды бачыш твар Бога: дык малі Яго, каб Ён увёў мяне ў валадарства сваё разам з табою на вякі. Амін.

Малітвы за жывых

Збаў, Госпадзе, бацькоў маіх … і …, братоў і сёстраў, і ўсіх блізкіх, і ласку Тваю, супакой, радасьць і дабро дай ім.

Збаў, Госпадзе, сіротаў, удоваў, бедных, хворых, тых што церпяць бяду і нястачу.

Збаў, Госпадзе, тых, што церпяць перасьлед і зьняволеньне за Цябе і за веру сьвятую; наведай іх, умацуй, суцеш, і хутка сілаю Тваёю палёгку, свабоду і вызваленьне дай ім.

Збаў, Госпадзе, прыяцеляў маіх і дабрачынцаў, і ўсіх, што прасілі мяне, нягоднага, маліцца за іх.

Збаў Госпадзе, тых, што ненавідзяць і крыўдзяць мяне, і нападаюць на мяне без падставы, і ня дай ім згінуць з прычыны мяне, грэшнага.

Усіх, што ад веры сьвятой адступілі, прасьвятлі сьвятлом Твайго пазнаньня, і зьяднай з Тваёй сьвятой, паўсюднай і апостальскай Царквой.

Малітвы за памерлых

Успомні, Госпадзе, душы памерлых у надзеі ўваскрасеньня і жыцьця вечнага слугаў Тваіх, бацькоў маіх … і …, і ўсіх родных, прабач ім усе правіны вольныя і міжвольныя, даруй ім валадарства нябеснае і зрабі іх удзельнікамі Твайго бясконцага і блаславёнага жыцьця.

Дай, Госпадзе, адпушчэньне грахоў усім, што раней адышлі ў надзеі ўваскрасеньня і жыцьця вечнага, айцом, братом і сёстрам нашым, і ўчыні ім вечную памяць.