“Я перш за ўсё падзякаваў Папу за яго малітву перад іконай Маці Божай Жыровіцкай, якая адбылася 11 студзеня 2023 года. Гэта быў знак для пачатку эстафеты малітвы за Папу і за яго намаганні дзеля міру. Я падарыў Акафіст да Маці Божай Жыровіцкай. Папа ўсміхнуўся і спытаў, ці гэта тая самая ікона? Я адказаў, што так. Тады ён сказаў: “працягвайце малітву!” – падзяліўся архімандрыт Гаек.
У размове з Vatican News кіраўнік беларускіх грэка-католікаў пракаментаваў рэзанансную навіну пра пераход Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы на новаюліянскі каляндар. Ён патлумачыў, што грэка-каталіцкая супольнасць у Беларусі знаходзіцца сёння на іншым этапе.
“Мы перайшлі на грыгарыянскі каляндар 30 гадоў таму і працягваем гэты шлях. Адзіная толькі парафія ў Полацку прыняла з самага пачатку новаюліянскі каляндар, але гэта быў у большай ступені сімвалічны жэст. Калі будзе зразумела, што браты-ўкраінцы нешта выйгралі ў душпастырскім плане ад гэтага рашэння, трэба будзе разгледзець пытанне, але не ў гэтым годзе”, – падкрэсліў святар.
Таксама архімандрыт Гаек адзначыў, што сёлета спаўняецца 1160 гадоў з пачатку місіі святых Кірыла і Мятода сярод славян. Гэта дата і вызначыць ход падзей у Грэка-Каталіцкай Царкве Беларусі ў 2023 годзе.