У Мінск прыбыў Апостальскі нунцый у Рэспубліцы Беларусь арцыбіскуп Антэ Ёзіч

У міжнародным аэрапорце беларускай сталіцы афіцыйнага прадстаўніка Папы Францішка ў нашай краіне сустрэлі супрацоўнікі Апостальскай нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь, прадстаўнікі мясцовага Касцёла і дзяржаўных уладаў.

Ад імя мясцовага каталіцкага епіскапату Апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча на беларускай зямлі прывітаў Генеральны сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі біскуп Юзаф Станеўскі.

Разам з ім прадастаўніка Папы сустракалі сакратар Апостальскай нунцыятуры ў Рэспубліцы Беларусь ксёндз Махэр Шаммас, старшыня Каардынацыйнай групы вышэйшых настаяцеляў, дэлегатаў і прадстаўнікоў мужчынскіх і жаночых манаскіх інстытутаў і таварыстваў апостальскага жыцця ў Беларусі ксёндз Віктар Гайдукевіч SDB, а таксама супрацоўнік службы дзяржаўнага пратаколу Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

З аэрапорту Апостальскі нунцый Антэ Ёзіч скіраваўся ў Апостальскую нунцыятуру ў Мінску, якая з’яўляецца дыпламатычнай місіяй Святога Пасаду ў Беларусі і рэзідэнцыяй прадстаўніка Папы ў нашай краіне.

21 мая Папа Францішак прызначыў новым Апостальскім нунцыем у Беларусі арцыбіскупа-наміната Антэ Ёзіча.

16 верасня Антэ Ёзіч, тытулярны біскуп Цысы, прызначаны Апостальскім нунцыем у Рэспубліцы Беларусь, прыняў біскупскае пасвячэнне ў нядаўна пабудаваным касцёле Святой Сям’і санктуарыя Маці Божай Астраўной у Соліне (Харватыя).

Сакрамэнт пасвячэння ў ступені епіскапату Антэ Ёзічу ўдзяліў Дзяржаўны Сакратар Яго Святасці Папы Францішка кардынал П’етро Паралін. Галоўным супасвячаючым быў арцыбіскуп Марын Барышыч, пастыр Спліт-Макарскай архідыяцэзіі, з якой паходзіць Антэ Ёзіч.

Крыніца

Пакінуць каментарый

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *