Вялікі пакаянны канон сьвятога Андрэя Крыцкага

Дарагія парафіяне! З 15 лютага пачынаецца Вялікі пост. Расклад набажэнстваў на гэты тыдзень глядзіце тут. Усіх запрашаем да ўзмоцненай малітвы, асабліва ў гэтыя першыя дні посту.

Вялікі пакаянны канон створаны выдатным усходнім прапаведнікам і складальнікам царкоўных гімнаў сьв. Андрэем Крыцкім (каля 650-720), які быў архібіскупам на востраве Крыт. Сярод яго шматлікіх царкоўных гімнаў Вялікі пакаянны канон — адзін з найвыдатнейшых ягоных твораў, які належыць да велікапосных багаслужбаў.

Вялікі пакаянны канон складаецца з 250 трапароў або вершаў, у ім выкладаецца ўся гісторыя Старога і Новага Запаветаў, даюцца маральныя настаўленьні вернікам.

Ірмасы песьняў у іх сучасным выглядзе пазьней далучыў да Канону сьв. Ян з Дамаску, а трапары ў гонар Марыі Ягіпецкай і сьв. Андрэя Крыцкага таксама пазьней напісаныя сьвятымі братамі Тодарам і Язэпам Студытамі.

У час Вялікага посту Канон сьв. Андрэя Крыцкага сьпяваецца двойчы. На 1-ым тыдні Вялікага посту, з панядзелку па чацьвер, падзелены на чатыры часткі, ён сьпяваецца падчас павячэрніцы, а ў чацьвер 5-га тыдня посту Вялікі пакаянны канон сьпяваюць цалкам на ютрані.

Таксама пакаянны канон сьв. Андрэя Крыцкага (ці ягоныя часткі) можна маліцца прыватна і па-за Вялікім постам, калі для гэтага ёсьць духоўная патрэба.

Крыніца

Пакінуць каментарый

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *