Васіль Быкаў і хрысціянства

Васіль Быкаў лічыў, што рэлігія ўвогуле з’яўляецца адным з найважнейшых аспектаў у жыцці чалавека і яго светапогляду. Не адмаўляючы каштоўнасцяў іншых рэлігій, вядучую ролю, аднак, ён надаваў хрысціянству. Асабліва важны ўплыў хрысціянства аказала на беларускі народ, яго гісторыю і культурна-маральнае развіццё. У ролі найбольш адпаведнага веравызнання для Беларусі Быкаў бачыў грэка-каталіцтва і перажываў, што яно не можа набраць поўнай сілы. Дарэчы, у апошнія гады жыцця ён быў прыхільнікам менавіта грэка-каталіцкага веравызнання, абрад пахавання пісьменніка таксама быў праведзены грэка-каталіцкім святаром.

Трэба адзначыць, што Васіль Быкаў даволі крытычна ставіўся да Царквы (галоўным чынам, праваслаўнай) як да інстытуту. Хіба што галоўнай прычынай гэтаму паслужыла тое, што ў пераломным перыядзе “перабудовы”, калі камуністычныя ўлады пачалі змяняць свае адносіны да рэлігіі, Быкаў бачыў у хрысціянстве адзін з падмуркаў будучага дэмакратычнага ладу. Аднак ён горка расчараваўся, пэўна, гэтак жа як і многія з народу ізраільскага калісьці расчараваліся ў Езусе Хрысце, у якім бачылі будучага Уладара, што знішчыць прыгнёт Рымскай імперыі.

Для Быкава хрысціянская рэлігія мае вартасць і значэнне перш за ўсё як носьбіт маральнасці. Хрысціянскую маральнасць ён бачыць як спрадвечную сістэму асноўных жыццёвых прынцыпаў, Творцам якой з’яўляецца Бог. Пісьменнік перакананы, што гэтыя маральныя прынцыпы змешчаны ў Бібліі – галоўнай кнізе чалавецтва. Дарэчы, першы раз Быкаў пазнаёміўся са Святым Пісаннем толькі на пачатку 60-х гадоў, калі, знаходзячыся ў Рыме, набыў выданне на ўкраінскай мове.

Хоць савецкая цэнзура старанна вышуквала і выцінала з твораў Быкава згадкі пра Бога і хрысціянства, можна іх знайсці ў пазнейшых публікацыях і ў творах з узноўленымі купюрамі. Таксама пісьменнік часта ўзгадвае Бога і звяртаецца да Яго ў сваіх артыкулах і публічных выступленнях. На старонках ягоных твораў можна знайсці сцвярджэнні, што Бог з’яўляецца вялікай таямніцай, Уладаром Сусвету, Даўцам законаў прыроды, Стваральнікам чалавека, Панам ягонага лёсу, усябачным і справядлівым. Літаратурныя героі Быкава нярэдка думаюць ці гавораць пра Бога, звяртаюцца да Яго ў малітве, чытаюць Святое Пісанне. У пэўным сэнсе Васіль Быкаў нават пацярпеў за хрысціянскую веру: яго выказванні пра сувязь маральнасці з рэлігіяй і прызнанне Дэкалогу як маральнага Кодэксу паслужылі прычынай здзекаў і насмешак у цынічных атэістычных артыкулах І. Крывелева.

Быць хрысціянінам для Быкава азначае не толькі вызнаваць веру, але і дапамагаць бліжнім, асабліва бедным і абяздоленым. Менавіта вера ў Бога пабуджае чалавека да добрых учынкаў. У сваю чаргу, зло, гвалт і несправядлівасць у свеце з’яўляюцца вынікам маральнага ўпадку чалавека, яго непаслухмянасці Божаму закону.

У перакананні Васіля Быкава, адыход ад Бога вядзе да маральнай катастрофы не толькі асобнага чалавека, але і цэлай нацыі, краіны. Пацвярджэнне гэтаму пісьменнік знаходзіць, аглядаючыся на вопыт уласнай Бацькаўшчыны, калі рэлігія, называная “опіумам для народа”, вынішчалася з грамадства, а Бог і Ягоны маральны закон былі прызнаныя непатрэбнымі чалавеку. Ва ўмовах камуністычнай рэчаіснасці ажыццяўлялася маральнае “знішчэнне” чалавечай асобы.

У апавяданні “Абязбожаны люд” Быкаў паказвае, як можа дэградаваць краіна, якая адвярнулася ад Бога і Касцёла, як паволі духоўны вакуум запаўняецца “замяняльнікамі” Бога: алкаголем, распустай, культам асобы. Таму пісьменнік падкрэслівае, што галоўнай духоўнай і маральнай апорай народа павінны быць традыцыйныя хрысціянскія каштоўнасці. Асабліва шчыра прагнуў ён іх адраджэння і развіцця ў родным беларускім краі.

Герой Васіля Быкава – гэта перш за ўсё чалавек перад абліччам маральнага выбару. І хаця гэта не заўжды відавочна, аднак адну з крыніц ацэнкі гэтага выбару пісьменнік бачыць у Божым Законе, аб’яўленым у Святым Пісанні. Няхай жа для ўсіх нас, дарагія чытачы, гэта будзе дадатковым заахвочваннем, каб адкрыць для сябе або пераасэнсаваць наноў творчасць нашага вялікага земляка, і, канешне, будаваць сваё жыццё на падмурку хрысціянскіх каштоўнасцяў.

с. Дар’я Галубкова OV

Крыніца

Пакінуць каментарый

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *