Папа атрымаў у дар копію абраза Маці Божай Жыровіцкай

Архімандрыт Сяргей Гаек, Апостальскі адміністратар для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі, уручыў у дар Святому Айцу копію абраза Маці Божай Жыровіцкай.
Падчас агульнай аўдыенцыі, якая прайшла 6 сакавіка 2024 года на плошчы святога Пятра ў Ватыкане, архімандрыт Сяргей выказаў Папу падзяку ад беларускіх грэка-католікаў за стварэнне Апостальскай адміністратуры, а таксама павіншаваў яго з адзінаццатай гадавінай абрання на Пасад святога Пятра, якая будзе адзначацца 13 сакавіка. У якасці дару ён уручыў Францішку паменшаную копію абраза Маці Божай Жыровіцкай, выкананую на мармуры ў мінскай майстэрні GLIVI.

Апостальская адміністратура для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі была створана па рашэнні Францішка 30 сакавіка 2023 года. Апостальскім адміністратарам гэтай касцёльнай структуры быў прызначаны архімандрыт Сяргей Гаек, дагэтуль Апостальскі візітатар для беларускіх грэка-католікаў.

У студзені 2023 года Святы Айцец маліўся перад копіяй абраза Маці Божай Жыровіцкай, якая была выстаўлена падчас агульнай аўдыенцыі ў ватыканскай Зале Паўла VI. Пантыфік прасіў Багародзіцу аб дары міру ва Украіне, дзе таксама шырока ўшаноўваецца гэта ікона.

Крыніца

Пакінуць каментарый

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *