Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква – 300 год пасля Замойскага сінода

300-годдзе Замойскага сінода – гэта таксама 30 год ад аднаўлення адкрытага літургічнага жыцця і душпастырскай дзейнасці Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.
[1]. Першыя групы грэка-каталіцкіх вернікаў, якія называлі сябе “уніятамі”, у Беларусі арганізаваліся ў 1989 г. – гэта значыць 150 год ад Полацкага ілжэ-сабора 1839 г., пасля якога расейскі царскі ўрад ліквідаваў структуры дзвюх епархій Уніяцкай Царквы на тэрыторыі сучаснай Беларусі – Полацкай (Беларускай) і Літоўскай (Віленскай). У гістарыяграфіі гэты факт называюць “ліквідацыяй Уніяцкай Царквы”. З эклезіялагічнага і кананічнага пункту гледжання свецкія ўлады (brachium saeculare) не маюць аніякай моцы ліквідаваць Царкву, могуць толькі перашкодзіць (нават брутальна) дзейнасці структур Царквы. Таму ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве епархіі: Беларускую і Літоўскую лічым “перашкоджанымі але не згаслымі” (impeditae sed non extinctae). Таму мы гаворым аб аднаўленні літургічнага жыцця і душпастырскай дзейнасці, а не аб аднаўленні Царквы 30 год таму.
[4]. У жывой памяці і самасвядомасці духавенства і вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы застаецца пэўная, важная, царкоўная і эклезіялагічная падзея: 9 кастрычніка 1939 г. (у пачатку II Сусветнай вайны) грэка-каталіцкі мітрапаліт Львоўскі Андрэй Шаптыцкі стварыў 4 грэка-каталіцкія Экзархаты для тэрыторый, якія знаходзіліся пад савецкай акупацыяй: для Вялікай Украіны (з экзархам Іосіфам Сліпым), для Расіі (з экзархам Кліментам Шаптыцкім), для Валыні, Палесся і Падляшша (з экзархам Мікалаем Чарнецкім) і Беларускі экзархат, часовае кіраванне якога было даручана біскупу Мікалаю Чарнецкаму.
Мітрапаліт Андрэй дзейнічаў на падставе надзвычайных спецыяльных паўнамоцтваў (specialissimae facultates), атрыманых ад Папы Пія X у 1908 г.
Год пазней, 17 верасня 1940 г., мітрапаліт Андрэй прызначыў першым экзархам Беларускага экзархата айца Антона Неманцэвіча SJ (беларуса, які нарадзіўся ў Санкт-Пецярбурзе ў 1893 г).
Усе прызначэнні мітрапаліта Андрэя былі сакрэтнымі, бо горад Львоў на той час ужо быў заняты савецкай арміяй.
22 лістапада 1941 г. Папа Пій XII зацвердзіў айца Антона Неманцэвіча Апостальскім адміністратарам для грэка-католікаў на беларускай тэрыторыі. Сакратар Кангрэгацыі Усходняй Царквы кардынал Эжэн Тысеран у лісце ад 22 снежня 1941 г. паведаміў мітрапаліту Андрэю Шаптыцкаму: “Святы Айцец прызначае Апостальскім адміністратарам ad nutum Sanctae Sedis для вернікаў усходняга абраду ў Беларусі вялебнейшага Айца Антонія Неманцэвіча”.
Сядзіба Беларускага грэка-каталіцкага Экзархата знаходзілася ў цэнтры Усходня місіі езуітаў у Альбярціне (каля горада Слоніма).
Пасля мучаніцкай смерці экзарха Антона Неманцэвіча (1943, у нямецкай нацысцкай турме ў Мінску) гэты беларускі апостальскі Экзархат так і не быў ліквідаваны Святым Пасадам, а гэта значыць, што ён заўсёды застаецца вакантным.[5.1]. Важную ролю ў абнаўленні літургічнага жыцця Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі адыграла візантыйская літургічная традыцыя. У 1994 г. Кангрэгацыя Усходніх Цэркваў ухваліла пераклад літургічных тэкстаў на беларускую мову, падрыхтаваны і выдадзены айцом Аляксандрам Надсанам у Лондане. Беларуская мова – гэта мова літургіі і пропаведзі ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве.
Такім чынам Царква выконвае важную місію ў беларускім грамадстве – садзейнічанне дыялогу паміж Евангеллем і нацыянальнай культурай.

[5.2]. У 2002 г. у Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане айцом Аляксандрам Надсанам быў складзены і адрэдагаваны малітоўнік “Госпаду памолімся” (надрукаваны ў Беларусі) на беларускай мове і прызначаны для вернікаў Грэка-Каталіцкай Царквы. Акрамя літургічных тэкстаў, там была сабрана беларуская хрысціянская малітоўная спадчына, якую склалі творы святога Кірылы Тураўскага, а таксама гуманіста, перакладчыка Бібліі і першадрукара з Беларусі Францыска Скарыны.

[5.3]. Беларускі пераклад тэкстаў Боскай Літургіі і Таінстваў зроблены з царкоўна-славянскіх тэкстаў, паводле выданняў так званай recensio vulgatа, называнай сінадальным абрадам (а не recensio ruthena). У перакладах улічваецца таксама тэкст грэцкі.
Але ў душпастырскай практыцы ў парафіях пэўныя літургічныя формы ідуць за recensio ruthena, як яна прыктыкуецца ў сучаснай Украінскай Грэка-Каталіцкай Царкве.

[5.4]. Як было сказана, ля крыніцаў адраджэння літургічнага жыцця і душпастырскай дзейнасці ў парафіях і супольнасцях Беларускай Грэка-Каталіцкай Цапквы ў дзевяностыя гады мінулага (ХІХ) ст. сталі свецкія вернікі – прадстаўнікі інтэлігенцыі: гісторыкі, гісторыкі культуры, краязнаўцы. Сярод іх нарадзіліся пытанні і разгарнулася жывая дыскусія, да якой формы літургічных службаў вяртаць. Ці да гэтак званага “сінодальнага абраду” міжваенных часоў Неа-уніі ці да пэрыяду Уніяцкай Царквы ранейшага за Полацкі ілжэ-сабор? Як вядома, гэтыя пытанні абмяркоўваліся на Пінскіх унійных канферэнцыях (1930-1937 гг.), дзе сустрэліся дзве літургічныя пазіцыі і душпастырскія падыходы.
У дзевяностыя гаду ў Беларусі паўстала на прыклад пытанне, ці захаваць урачыстасці і святы, якія ў царкоўным каляндары пацьвердзіў Замойскі сінод?
Дыскусіі трывалі больш за 10 год. Пэўным практычным прыкладам для вырашэння былі літургічныя формы нэа-унійнай парафіі ў Кастамлотах на Падляшшы, побач Берасця але з польскага боку ракі Буг, тым больш, што пробашч гэтай парафіі архімандрыт Раман Пентка аказваў у той час беларускім грэка-католікам шматбаковую дапамогу, асабліва ў сфэры рэлігійнай адукацыі.
І так напрыклад ў каляндары БГКЦ памяць святамучаніка Язафата (Кунцэвіча) адзначаецца 2 разы: 12 лістапада – дзень мучаніцкай смерці і 16 верасня. Дазвол на перанос святкавання памяці блаславёнага мучаніка Язафата на дзень 16 верасня атрымаў ад Папы Рымскага яшчэ ў XVII ст. мітрапаліт Кіпрыян Жахоўскі (1674-1693). Гэтая дата была пацьверджаная ў Статутах (Acta) Замойскага сінода (Тытул XVI).
Свята 16 верасня паводле юліянскага каляндара, адзначалася 26 верасня паводле каляндара грыгорыянскага. Да сённяшняга часу ў гэты дзень (26.09) святкуюць свята св. Язафата вернікі рыма-каталіцкай парафіі Канстанцінава (у Віцебскай дыяцэзіі), дзе раней існавала таксама і парафія ўніяцкая.

Архім. д-р Сяргей (Гаек), МІС (Мінск), (фрагменты)

Крыніца

Пакінуць каментарый

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *