Пастырскае слова архімандрыта Сяргея Гаека, Апостальскага адміністратара для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі

Сёння, 30 сакавіка 2023 года, Яго Святасць Папа Францішак заснаваў Апостальскую Адміністратуру для вернікаў візантыйскага абраду ў Беларусі і адначасова прызначыў мяне Ардынарыем гэтай жа Апостальскай Адміністратуры. Гэтая гістарычная падзея заахвочвае нас выказаць Святому Айцу Францішку найглыбейшую падзяку ўсёй супольнасці нашай Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі.

У гэты гістарычны дзень дзякуем Міласэрнаму Госпаду, што такім чынам нястомныя душпастырскія намаганні нашых вернікаў, святароў, дыяканаў, семінарыстаў, манахаў і манахіняў дзеля аднаўлення душпастырскага жыцця беларускіх грэка-католікаў, якія пачаліся ў 1988 годзе, атрымліваюць новае кананічнае вымярэнне.

Дзякуем Найсвяцейшай Багародзіцы і святым беларускай зямлі за іх заступніцтва.

Дзякуем дастойным рыма-каталіцкім іерархам, духавенству, вернікам у Беларусі і ўсім, хто на працягу многіх гадоў аказваў нам братэрскую падтрымку.

Гэты благаславёны кананічны крок прыпадае на дзень, у які ў гэтым годзе ў Беларусі мы адзначаем успамін пабожнага спачыну святога Мятода — апостала і першага біскупа славянаў.

Стварэнне Апостальскай Адміністратуры візантыйскага абраду ў Беларусі ў год святкавання 1160-годдзя з пачатку місіі святых Кірыла і Мятода да славянаў заклікае нас памятаць пра часы еднасці паміж Усходняй і Заходняй Цэрквамі; таксама пра першыя стагоддзі хрысціянізацыі беларускіх земляў.

Гэтае пастырскае рашэнне Папы Францішка заахвочвае нас працягваць у духу братэрства згоднае сведчанне Евангелля ў нашай Бацькаўшчыне.

Каштоўная візантыйская — літургічная і духоўная — традыцыя нашых земляў, якой нашыя бацькі жылі ў поўнай еднасці з Рымскім Апостальскім Пасадам, натхняе нас сёння на творчую евангелізацыю. Мы хочам дасягнуць гэтага ў лучнасці з братамі лацінскай традыцыі і ў супрацоўніцтве з хрысціянамі іншых канфесій.

Давяраемся вашым малітвам,
Архімандрыт Сяргей Гаек
Апостальскі Адміністратар

Мінск, 30 сакавіка 2023

 

Пакінуць каментарый

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *