Падрэ Серж плануе стварыць відэаблог для землякоў-беларусаў

Манах Украінскай Грэка-Каталіцкае Царквы Сяргей Ганчароў вядомы ў сацсетках пад мянушкай “Падрэ Серж”. У 2011 годзе ён прыбыў ва Украіну з Беларусі. Ён жыве і служыць у Цярнопалі ў манастыры рэдэмптарыстаў – зборы (кангрэгацыі) Найсвяцейшага Адкупіцеля. Кожны дзень айцец запісвае па-ўкраінску відэаблогі (влогі) на рэлігійныя тэмы, якія ўжо сталі даволі папулярнымі на Youtube і Facebook. Неўзабаве ён плануе распачаць влогі на беларускай мове для сваіх землякоў-беларусаў.

Манах Сяргей Ганчароў падзяліўся сваім першым відэаблогам у сацыяльных сетках пад нікам “Падрэ Серж” мінулай вясной. Спачатку влогі праглядалі браты з манастыра, знаёмыя. Цяпер у святара больш за 10 000 падпісчыкаў на YouTube, але некаторыя влогі прагледзелі і 200 000 чалавек, напрыклад пра забабоны. Аднак для айца важная не колькасць падпісчыкаў, а тое, што ён размаўляе з людзьмі і робіць гэта шчыра.

Тэматыка відэаматэрыялаў рэлігійная, але падрэ Серж выбірае тыя тэмы, якія цікавяць людзей – сакрамант шлюбу, міты пра калядны пост, сэкс, наркотыкі і рок-н-рол, ці можна не грашыць і быць шчаслівым чалавекам. Калі ён знаходзіцца ў манастыры, у яго больш часу для запісу і мантажу, але ён часта піша влогі на тэлефон там, дзе бывае падчас выканання манаскіх справаў.

“Тэмы нараджаюцца ў зносінах”

“Тэмы ў асноўным нараджаюцца ў зносінах з людзьмі. У гэтым годзе я затрымаўся ў Злучаных Штатах на пяць месяцаў, бо не мог вярнуцца ва Украіну праз карантын, сувязі з вернікамі не было, толькі анлайн-трансляцыі службаў. Меў шмат часу для запісу відэа, але не меў тэмаў для размовы. Калі размаўляеш з людзьмі, яны пытаюцца, што іх турбуе, і я адказваю ім”, – кажа айцец Сяргей Ганчароў.

Манах сам запісвае і рэдагуе відэаблогі. Ён удасканальваў свае навыкі праз Інтэрнэт, дзе шукаў парады адмыслоўцаў, як слушна змантаваць, якіх памылак пазбягаць падчас мантажу і здымак. Спачатку размаўляў з людзьмі раз на тыдзень, а сёння – штодня. Ягоныя влогі называюцца “Вставанок”.

Фота і відэа – хобі

“Вставанок – гэта слова ад уваскрасення, па-грэцку “анастасіс”, літаральна “паўстанне”, чалавек уваскрасае з мёртвых, а мы раніцай устаем, я хацеў падкрэсліць, што мы прачынаемся і ўваходзім ва ўваскрасенне, то бок такі багаслоўскі сэнс уклаў у назву. Я люблю тэхніку, паводле першай адукацыі я тэхнік-электрык. Фота і відэа даўно для мяне былі хобі, але я рабіў нешта для невялікай групы людзей, для сям’і, для манастыра, а потым вырашыў выкарыстаць гэта для ўсёй царквы. Таму што пабачыў, што ў многіх святароў у суседніх краінах ёсць влогі, і гэта добра ўспрымаецца людзьмі.

Я рэдэмптарыст, і наша місія складаецца ў тым, каб ісці да людзей, якія аддаліліся ад Царквы, на якіх звычайнае казанне можа не ўздзейнічаць. Мае відэаблогі наведваюць шмат нецаркоўных людзей, нехрысціян. Адна пара з Цярнопаля напісала мне, што яны доўгі час жылі на веру, без шлюбу. Пачалі глядзець мае відэа і вырашылі ажаніцца. Пачуўшы гэтую гісторыю, я падумаў, што мае намаганні не былі марнымі”, – кажа манах Сяргей.

Беларуская – родная

Нядаўна ў відэаблогу на тэму “Боскі прынцып украінскай мовы” святар распавёў уласную гісторыю вывучэння ўкраінскай мовы. Бо ён нарадзіўся ў Беларусі, жыў у Менску, а дома ягоныя сваякі размаўлялі па-расейску. Гэта была ягоная першая мова. Сам вывучыў беларускую мову і лічыць яе роднай. Ён таксама валодае італійскай і ангельскай мовамі. Аднак манаскае служэнне прывяло яго ва Украіну: спачатку на Львоўшчыну, потым на Цярнопальшчыну. Тут ён трапіў ва ўкраінскамоўнае асяроддзе і вывучыў украінскую мову. І гэта адкрыла для яго новы спосаб успрымання свету. Калі мозг пачаў успрымаць украінскую мову як родную, яму стала лягчэй размаўляць на ёй, нібы ён пасябраваў з мовай. Падобным чынам, але з большым эфектам, адзначае святар, дзейнічае вывучэнне боскай мовы, якую трэба практыкаваць.

75 % беларусаў былі грэка-католікамі

“Я паходжу з такой сям’і з Беларусі, якая намінальна з’яўляецца хрысціянскай. Яна больш практыкуе традыцыі хрысціянства. Шукаў сэнсу жыцця, адказаў на розныя пытанні. Жыў у Менску, дзе пераважае атэістычная частка Беларусі, дзе няма вялікай цікавасці да рэлігійнага жыцця. Інакш ідзе справа ў Заходняй Беларусі, дзе католікі кожную нядзелю бываюць у касцёле. Шмат разважаў і знайшоў сябе ў хрысціянстве. Я паглядзеў гісторыю хрысціянскай царквы ў Беларусі, а тут грэка-каталіцкая царква была самай вялікай да прыходу Расейскай імперыі. 75 % беларусаў былі грэка-католікамі. Мяне зацікавіла гэтая Царква. Пазнаёміўся з ёю ў Жыровіцкім манастыры (Беларусь), заснавальнікам якога быў у свой час святы Царквы Язафат Кунцэвіч. Сёння гэта праваслаўны манастыр, але ў гэтым месцы я даведаўся пра Уніяцкую царкву, грэка-католікаў, рэлігію ў Беларусі. Адчуў нешта сваё, сустрэўся з грэка-католікамі і так прыйшоў у родную Царкву”.

Айцец Сяргей Ганчароў сочыць за падзеямі ў роднай Беларусі. Калі на ягонай бацькаўшчыне пачаліся акцыі пратэсту, ён запісаў зварот да ўкраінцаў з просьбай падтрымаць ягоных землякоў.

Амаль усе ягоныя знаёмыя беларусы прайшлі праз следчыя ізалятары толькі таму, што адчуваюць сябе беларусамі і абараняюць права на свабодную краіну. Ён пастаянна абменьваецца інфармацыяй з грэка-каталіцкімі святарамі зь Беларусі, якія адчуваюць ціск з боку ўлад.

Пагражалі, што парафію могуць пазбавіць рэгістрацыі

“У Берасці грэка-каталіцкі святар прыняў удзел у акцыі пратэсту. Калі людзей затрымалі, ён сказаў мэру, каб яны пайшлі і вызвалілі арыштаваных. Тады яму пагражалі, што парафію могуць пазбавіць рэгістрацыі. Мы ведаем, што мітрапаліта РКЦ, які з’яўляецца грамадзянінам Беларусі, не пускаюць у краіну. Ціск ёсць. Грэка-католікі ў Беларусі навучыліся жыць без дапамогі дзяржавы. Гэта фармуе самастойніцкі характар людзей, яны не баяцца называць добрае добрым, а дрэннае дрэнным”, – падкрэслівае айцец Сяргей.

Украінамоўныя влогі Падрэ Сержа глядзяць і беларусы, якія маюць шмат пытанняў, адчуваюць разгубленасць у жыцці. Айцец Сяргей Ганчароў плануе запусціць відэаблогі на беларускай мове да канца года, і зараз разважае над фарматам.

Гэта будуць рэлігійныя гутаркі з гісторыі Грэка-Каталіцкае Царквы, асабліва ў Беларусі і ва Украіне. Напрыклад, у Заходняй Украіне УГКЦ мае вельмі моцныя традыцыйныя карані, якія захаваліся на працягу многіх гадоў у падполлі. У Беларусі грэка-католікі амаль нічога не ведаюць пра ўкраінскіх грэка-католікаў, адзначыў святар.

Адчуваеш сябе падпольным сектантам

“У Беларусі на багаслужбу прыходзіць 10-20 чалавек, і ты адчуваеш сябе падпольным сектантам. Калі ты прыяжджаеш на захад Украіны, ты бачыш велізарную традыцыю, якая захавалася. Тады ты разумееш, што не гуляешся ў гістарычную рэканструкцыю, а належыш да сапраўднай, жывой царквы. Пра гісторыю і сапраўднае жыцьцё – пра гэта я і буду распавядаць у влогах па-беларуску. Як грэка-католік, я адчуваю пераемнасць гісторыі царквы, да якой я далучыўся”, – сказаў манах.

Сёньня ў Беларусі існуе каля 20 грэка-каталіцкіх парафій. Афіцыйна ў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве налічваецца каля 10 тысяч вернікаў. Але штонядзелю вернікаў на набажэнствах бывае не так шмат, паводле словаў айца, агулам да паўтысячы асобаў.

У джынсах і святарскім аблачэнні, з фотаапаратам на штатыве – такім ведаюць падрэ Сержа. Ён спрабуе размаўляць з людзьмі на сучаснай мове пра важныя рэчы, хоча, каб ягоныя словы былі даступнымі і зразумелымі.

 

Пакінуць каментарый

Ваш адрас электроннай пошты не будзе апублікаваны. Неабходныя палі пазначаны як *